Мікола Рэчыцкі.

высокія тэхналогіі
Зорныя войны-2.

У свой час кінаактор Рональд Рэйган стаўся аб'ектам для насмешак журналістаў усяго свету, ягоную праграму супрацьракетнай абароны намёртва звязалі з назвай папулярнага кінабаевіка "Зорныя войны". Сёння касмічныя прыгоды сталіся неактуальнымі -- значна больш захапляюць гледача фільмы кшталту "Матрыцы", дзе барацьба са злом перанесеная у віртуальныя прасторы і абдымкі глабальных сетак. На мінулым тыдні свет даведаўся, што Буш-малодшы ня здрадзіў лепшым традыцыям рэйганізму -- у нетрах Белага Дому распрацоўваецца афіцыйная канцэпцыя кібэрнэтычнай вайны.

Праўда, паралеляў з 80-мі у ЗША пазбягаюць -- асацыюючы "Дырэктыву 16" хутчэй з ядзернай "дактрынай Трумэна" сярэдзіны мінулага стагоддзя. Маўляў па сваёй гістарычнай важкасці дакументы стаяць у адным шэрагу.

Варта зазначыць, што насамрэч "Дырэктыва 16" -- больш дэкларатыўны дакумэнт, які закладае толькі асновы будучай канцэпцыі. Буш падпісаў сакрэтную паперку яшчэ ў жніўні мінулага году, але свет даведаўся аб яе існаваньні толькі зараз -- ад журналіста "Washington Post" Брэдлі Грэхэма.

Зьліў інфармацыі ў разгар іракскага крызысу -- невыпадковы. На тле пацыфісцкай прапаганды Белы Дом ідзе на выйгрышны крок, дэкларуючы сваю прыхільнасць да "бяскроўнай вайны". Масавай свядомасьці прапануецца прыгожы вобраз баявых дзеянняў бліжэйшай будучыні: шэрагі салдатаў за тэрміналамі у лічаныя хвіліны з выводзяць са строю інфраструктуру ворага, паралізуюць яго сувязь і прыносяць сваёй краіне перамогу без адзінае кроплі крыві мірнага насельніцтва.

Але прыняццё "Дырэктывы 16" -- толькі вяршыня айсбэргу "кампутарнай бяспекі", на якой літаральна памяшаліся аналітыкі "Белага дому". Увесь 2002 год у ЗША прайшоў пад знакам барацьбы за бяспеку унутранае кібэрпрасторы. Як водзіцца, не абышлося і без скандалаў, звязаных з беспрэцэдэнтным абмежаваннем цывільных правоў.

Першыя крокі па заснаванні сыстэмы электроннай бяспекі ў яе сучасным выглядзе зрабіў яшчэ Біл Клінтан, даручыўшы гэтую галіну Рычарду Кларку, якога прэса называла ня йнакш як "цар кібербяспекі". Электронны чэкіст займаўся сваёй справай пры двух адміністрацыях, пратрымаўшыся у фаварытах з 1998 па 2003 год. Але асноўнымі задачамі ягонага аддзелу пры Клінтане былі рост небяспекі ад кампутарных вірусаў і раздзьмутая "праблема 2000".

Зорны час настаў пасьля абвяшэчньня "крыжовага паходу супраць тэрарызму" новай адміністрацыяй у верасні 2001. Ужо ў студзені 2002 Кларк прышоў да Буша з непрыемным дакладам -- як высветлілася, "Аль-Каіда" умее карыстацца ня толькі перачыннымі ножыкамі ды гранатамётамі, але і кампутарнай сеткай. Канфіскаваныя ў Афганістане ноутбук, з дапамогай якога тэрарысты шукалі у інтэрнэце інструкцыі па сабатажы і "дзіцячыя скрыпты" для ўзлому, і яшчэ адзін кампутар, на якім мадэляваўся прарыў дамбы Рузвельта, сталі сурё'знымі доказамі небяспекі "кібертэрарызму".

Канешне, глупствам было б спадзявацца на тое, што напачатку 21 стагодздзя падрыўная справа будзе вывучацца выключна па рукапісных мануалах і перамнажэнні у слупок.

Але нават такія аргументы, падмацаваныя шэрагам скандалаў унутры ЗША сталі добрым стымулам для дзеянняў. Увесь 2002 год у Штатах парйшоў пад знакам кампутарнай параноі. Кларк рыхтаваў праграму унутранай электроннай бяспекі, а краіну страсалі навіны адна другой горш. Узровень абароненасці стратэгічных дадзеных прызнаны незадавальняючым. Дванацццацігадовы хлопчык можа ўзяць пад кантроль шлюзы дамбы і ўтапіць цэлы горад. Праграмы скандальна вядомага "Майкрасофту" настолькі дзіравыя што рашэньне суда аб адкрыцці зыходнікаў не мода быць выкананае -- бо ставіць пад пагрозу нацыянальную бяспеку. Тэхнічная кампетэнцыя шэрагу супрацоўнікаў ФБР -- на недапушчальна нізкім узроўні.

Вынікам закручвання гаек стаў Homeland Security Act, які аб'яднаў пад адзін дах 22 дэпартаменты спецслужбаў, сфармуляваў патрабаванні да праграмнага забеспячэння, якое выкарыстоўваецца ў грамадзка значных аб'ектах і ў чарговы раз пашырыў паўнамоцтвы спецслужбаў па адсочванні інфармацыйнай актыўнасці любога амерыканскага грамадзяніна.

Сенат "завярнуў" яшчэ больш адыёзны акт, які прапаноўваў стварэнне агульнай базы дадзеных з максімальна поўным дасье на кожнага грамадзяніна ЗША. Але адміністрацыя прэзідэнта ўжо уносіць новую прапанову з загадкавым назовам "база уліку тэрарыстычнай пагрозы", што дэ-факта можа значыць усё тую ж страву пад вноым соусам. Відавочна што "ідэя фікс" -- выкарыстання інфармацыйных тэхналогіяў для узмацнення кантролю за грамадзянамі унутры краіны -- трывала замацавалася у галовах бушаўскай адміністрацыі.

Напачатку 2003 году была урачыста прынятая нацыянальная канцэпцыя кібербяспекі . Нават нечаканы зыход Кларка на вольныя хлябы не азмрочыў трыюмфу ягоных падначаленых, якія на адны даследванні па тэме атрымліваюць на бліжэйшыя пяць год больш за 900 мільёнаў даляраў.

Прадэманстраваўшы свету моц імкліва адбудаванай сыстэмы інфармацыйнай бяспекі (якую злыя языкі ўсё больш параўноўваюць з вядомай кніжкай Оруэла), Белы Дом не стаў доўга чакаць, карыстаючыся прынцыпам "Лепшая абарона -- гэта напад.".

...Шырокай грамадскасці дагэтуль невядома -- ці валодае ужо Амерыка кіберзброяй новага пакалення, ці "Дырэктыва 16" -- тоьлкі гучная дэкларацыя будучых планаў? Калі сабраць разам меркаванні аналітыкаў і уцечкі інфармацыі, можна зрабіць наступную выснову.

У ФБР і Міністэрстве абароны ёсць некалькі лабараторыяў якія займаюцца распрацоўкай і мадэляваннем электронных атак. Дзейнасць іх жорстка засакрэчаная, але нейкі інструментарый ужо ёсць, альбо вось-вось будзе гатовы да пробнага выкарыстання. Дактрына кібервайны мусіць скаардынаваць высілкі даследчых групаў і даць падмурак для інтэграцыі новага віду узбраення у існуючы ваенны патэнцыял ЗША.

Калі меркаваць па тэмпах пабудовы унутранай структуры татальнага кантролю, адбудзецца гэта не паз6ней чым праз год. І тады ЗША апынецца першай у гісторыі краінай, гатовай выставіць свае прэтэнзіі на кантроль над глабальнай кіберпрасторай.

Што ж будзе прадстаўляць сабой "кібервайна будучыні"? Як сцвярджаюць аўтары канцэпцыі, яны кіруюцца выключна гуманнымі мэтамі і жэнеўскай канвенцыяй -- напрыклад замест таго каб знішчаць бомбамі станцыі ПВО амэрыканскія вайскоўцы будуць іх проста "хакаць", такім чынам зберагаючы чалавечыя жыцці. Не выключаныя варыянты кропкавай паралізацыі электрычнасці, сувязі і іншых энэргазалежных інфраструктур. Кібератакі моцна звязаныя з ваеннай разведкай -- бо накіраваны "хак" можна здзейсніць толькі валодаючы дастаткова падрабязнымі звесткамі аб арганізацыі інфармацыйных сетак ворага.

Стратэгі Белага Дому урачыста клянуцца, што іхная дактрына адпавядае жэнеўскай канвенцыі і накіраваная на памяншэнне ахвяраў сярод мірнага насельніцтва і нейтральных бакоў.

Але крытыкі выказваюць песімістычныя прагнозы. Галоўны папрок -- атаку на лакальную сетку ворага, падключаную да Інтэрнэта немагчыма змадэляваць дакладна, што прызнаюць і самі распрацоўшчыкі. Закінуты вірус можа выйсці з-пад кантролю і абрушыцца бумерангам на грамадзкія інфраструктуры варожай краіны, альбо нават на інфармацыйныя сеткі нейтральных альбо саюзных дзяржаваў. Варыянты праграмна справакаваных катсарофаў на стратэгічных аб'ектах наўрад ці дадуць гарантыю ад вялікай колькаці выпадковых ахвяраў.

Фактычна няма ніякай гарантыі што заплянаванае адключэнне электрычнасці у штабе ворага не паралізуе таксама працу суседняга шпіталю, дыстанцыйнае адкрыццё дамбы для затаплення камаенднага пункту не знішчыць мірную вёску, а чаканая катастрофа самалёта знішчальніка не прывядзе да сотняў ахвяраў на цывільных аэрадромах суседняй краіны.

Немагчымасць дакладна выключыць і пралічыць ланцуговую рэакцыю нагадвае сітуацыю з першай атамнай бомбай, да выпрабавання якой ніхто не мог прадказаць наступстваў. У сувязі з гэтым цікава выглядае пытанне -- ці не быў вірус Slammer, што у мінулым месяцы на некалькі гадзінаў амаль паралізаваў інтэрнэт у розных частках вету, той самай "электроннай Хірасімай"?

У любым выпадку ўжо раздацца галасы за прыняцце на ўзроўні ААН рэзалюцыі, што абмяжоўвала б выкарыстанне і распаўсюд кіберзброі, аналагічна таму як гэта зроблена у дачыненні да ядзерных, хімічных і біялагічных узбраенняў. Варта зазначыць, што Расія спрабавала правесці праект такога пагаднення яшчэ у 1999 годзе, але тады ідэя не знайшла падтрымкі. Не выключана, што ў бліжэйшы час пытанне падымецца зноў.

Але самы пікантны момант, які нават "Washington Post" абыходзіць увагай -- супраць каго, уласна, Штаты зьбіраюцца праводзіць татальную кібервайну? Відавочна, што не супраць Ірака -- нізкі узровень тэхналагічнага развіцця не дазваляе выкарыстаць новую зброю з поўнай аддачай. Тое саме тычыцца і астатніх краінаў, абвешчаных ЗША патэнцыйнымі ворагамі.

Прыняццё дактрыны мае сэнс толькі у тым выпадку, калі зброю плануецца выкарыстоўваць супраць высокатэхналагізаваных дзяржаваў, інфармацыйная інфраструктура якіх шчыльна злучаная з інтэрнэтам. Такіх дзяржаваў у "восі зла" няма. Яны ёсьць толькі сярод саюзнікаў і нейтралаў.

Высновы, якія з гэтага зробяць Францыя Германія, Расея і Кітай відавочныя. Калі праграму афіцыйна не згарнуць, свет можа пабачыць новую гонку узбраенняў, гэтым разам у кіберпрасторы. "Зорныя войны" -- адпачываюць.